КАШТА́НАВЫЯ ГЛЕ́БЫ,

тып глеб сухіх стэпаў, што ўтвараюцца ва ўмовах кантынентальнага засушлівага клімату з раслінным покрывам з кавылю, ціпчаку, розных відаў палыну. Асн. падтыпы: цёмна-каштанавыя, каштанавыя, светла-каштанавыя. Пашыраны ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, на Пд Еўразіі.

Характарызуюцца непрамыўным тыпам воднага рэжыму, саланцаватасцю, нізкімі порыстасцю і водапранікальнасцю, насычанасцю кальцыем (да 80%), нейтральнай ці слабашчолачнай рэакцыяй. Гумусавы гарызонт 20—25 см. Выкарыстоўваюцца пад пасевы збожжавых, алейных і кармавых культур, пашы і сенажаці.

т. 8, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)